"Очевидно, что государство стремится занять место в нашем сознании, ранее принадлежавшее Богу".
М. Аллио

 

You are here

Чаму некаторыя дзеці вучацца дома

Аргументаў, чаму вучобу дома некаторыя сем'і лічаць лепшай за школьную, прыхільнікі хатняга навучання могуць называць шмат.

У Марыны Вайцэховіч ужо двое дзетак на хатнім навучанні, але яна мяркуе, што і малодшых (трохгадовага Яна і дзіця, якое вось-вось павінна з'явіцца на свет), яна таксама не будзе аддаваць у школу. Чаму?

Каб больш паспяваць і больш ведаць

Летась на хатняе навучанне перайшла Марыніна дачка. Сёння Адэльцы 12 гадоў. І яна самастойна праходзіць праграму сёмага класа.

— Дачка не засвойвала па некаторых прадметах школьную праграму. Мы былі вымушаныя праходзіць усё дома. Акрамя таго, Адэля моцна стамлялася ў школе. Ужо ў пятым класе яна фактычна вучылася дома, бо часта мы сядзелі на медыцынскіх даведках. Вось і пачалі шукаць іншую форму навучання, даведаліся, што ёсць індывідуальны план, і ўжо другі год вучымся такім чынам, — распавядае Марына. — За гэтыя два гады значна палепшыліся адзнакі па ўсіх прадметах, ніжэй васьмёркі ў нас няма. У Адэлі якраз змянілася класная кіраўніца, яна нас паўгода агітавала, каб мы вярталіся ў школу, а пасля сказала: "Хай і іншыя дзеці пераходзілі б на індывідуальны план, але толькі тыя, хто так добра займаецца". І гэта яна не ведала пра тое, як дзяўчынцы было складана вучыцца, якія былі эмацыйныя праблемы. Дачка перастала да ночы сядзець над хатнімі заданнямі. Калі дзіця займаецца самастойна дома, прыблізна ў два разы менш часу патрабуецца для засваення праграмы! У дачкі вызвалілася шмат часу, у які яна можа займацца тым, што ёй цікава. Дзяўчынка... пачала чытаць кніжкі. Дзіцяці, якое ходзіць у школу, проста няма калі чытаць кнігі, і гэта ўжо пачынаючы з сярэдніх класаў. Толькі ў вучняў малодшых класаў ёсць час на нейкія дадатковыя заняткі. Тыя дзеці, якія ў пачатковай школе займаліся і музыкай, і гімнастыкай, у сярэдніх класах мусяць выбіраць, які занятак пакінуць, а ў старэйшых наогул ад усяго адмовіцца і толькі думаць, як здаць іспыты, — заўважае Марына.

І Марына мае рацыю.

Прынамсі, скаргі на тое, што ў старэйшых школьнікаў сапраўды няма часу на нейкія заняткі па інтарэсах, я даволі часта чую як ад сваіх знаёмых, у якіх ёсць дзеці, так і ад саміх школьнікаў. А некаторыя рэчы здаюцца дзіўнымі. Чаму ў нас так працвітаюць усялякія платныя курсы, дзе выпускнікоў рыхтуюць да паступлення? І чаму такая вялікая колькасць дзяцей займаецца з рэпетытарамі? А што ж яны тады вучаць у школе? Варта ўзгадаць сёлетняе цэнтралізаванае тэставанне, на якім высветлілася, што большасць дзяцей не ведае ні фізікі, ні матэматыкі. Ці дзеці ў гэтым вінаватыя? Увесь час толькі і чуеш, што дзеці перагружаныя. Але чым?

І навошта дзіцяці сядзець на занятках, напрыклад, па той жа матэматыцы, калі пасля школы ён яе вымушаны вывучаць самастойна (альбо з дапамогай рэпетытара)? Ды што там, нават малодшым школьнікам ужо цяпер бацькі вымушаны наймаць рэпетытараў. Нядаўна мая знаёмая (дарэчы, сама настаўніца) скардзілася, што шукае рэпетытара па англійскай мове для сваёй дачкі, якая вучыцца (увага!)... у другім класе. І праблема тут зусім не ў дзяўчынцы, малая якраз вельмі стараецца — праблема ў школьнай праграме.

А можа, сапраўды, бацькі, якія вырашаюць, што лепш, каб іх дзіця здабывала веды па-за школай, маюць рацыю? Дзіця не будзе марнаваць час на непатрэбныя і нецікавыя яму школьныя мерапрыемствы, не будзе збіраць паперкі ля школы, не будзе лішні раз слухаць тое, што і так добра засвоіла. Зможа тыя прадметы, якія лягчэй даюцца, праходзіць хутчэй, і наадварот, больш часу аддаваць найбольш складаным урокам. Але хіба дзіця можа вучыцца без настаўнікаў?

Прыхільнікі хатняга навучання сцвярджаюць: дзеці на гэта здольныя, а яшчэ заняткі па індывідуальным плане выпрацоўваюць у дзіцяці асаблівыя якасці, яно становіцца самастойным, пачынае вучыцца з большым інтарэсам. Бо яму не трэба кожны дзень баяцца (што яго раптам вызавуць да дошкі, што яго абвінавацяць у няведанні, што ўлепяць дрэнную адзнаку, што выкажуць бацькам меркаванні пра яго здольнасці), а яшчэ дзіця атрымлівае час і магчымасці займацца і па дадатковых падручніках.

— Калі мы прыйшлі з заявай аб пераходзе на індывідуальны план, настаўнікі пыталіся: "А як вы будзеце ўсё дзіцяці тлумачыць? Вы ж ідзяце не ў пачатковую школу, фізікі і хіміі ў дзяўчынкі раней не было", — расказвае Марына. — Але ў нас асаблівая сітуацыя: я — матэматык, дзядуля — фізік. Як паказала практыка, дзіця можа самастойна засвойваць многія прадметы проста па падручніках. Адэльцы цяжка даюцца профільныя прадметы, таму я сяджу побач і правяраю, як яна праходзіць матэматыку. Але англійскую мову, хімію, фізіку яна ў стане засвоіць сама. Не кажу ўжо пра біялогію, якая ў яе любімая, геаграфію, гісторыю. Мая роля — толькі правяраць хатнія заданні, якія мы самі вызначаем. У нас ёсць заданне на чвэрць, і далей мы самі размяркоўваем час, калі і што вывучаць. Раз на чвэрць дзіця павінна прыйсці ў школу і здаць заданне па прадмеце, форму іспытаў выбіраюць настаўнікі. Напрыклад, па матэматыцы гэта можа быць кантрольная, па гісторыі — тэсты. Па законе настаўнікі павінны ў выпадку патрэбы аказваць кансультацыі такім дзецям. Таксама мы маем права і на наведванне ўрокаў у школе.

Наша асабістая думка, што адукацыя ў "надомнікаў" атрымліваецца значна лепшай, і гэта пацвярджаецца сітуацыяй у Злучаных Штатах, Канадзе, дзе дзяцей, якія атрымліваюць адукацыю самастойна, шмат. Там універсітэты, каледжы з задавальненнем прымаюць надомнікаў, бо бачаць, што ў іх ведаў не менш, чым у тых, хто вучыўся ў школе, але надомнікі не прывыклі думаць шаблонна, яны самі шукаюць інфармацыю, прычым па розных падручніках. Глядзіце: школа дае адну праграму, а я пайшла ў кнігарню па сшыткі па беларускай мове для свайго сына-першакласніка Вацлава (на першае верасня яму было 7 гадоў і два месяцы), які таксама сёлета пачаў вучыцца па індывідуальным плане. І ў кнігарні я бачу пяць праграм, і магу выбраць, па якой з іх мне займацца з сынам, ад нас патрабуецца толькі прыйсці і паказаць веды. Калі старэйшая дачка ў асноўным засвойвае прадметы самастойна, з малодшым займаюся я. Але на ўсе ўрокі з першакласнікам я трачу на дзень максімум адну гадзіну: за гэты час мы паспяваем зрабіць матэматыку, дзіця піша пропісы, я сяджу слухаю, як сын чытае, і ў дадатак мы займаемся англійскай мовай, якой няма ў першым класе. Прычым часам дзіця просіць у мяне зрабіць не адзін, а два ўрокі запар, таму што яму вельмі цікава займацца. Слоўнікавы запас па англійскай мове папаўняем увесь час. Проста ідзём па доме і засвойваем назвы прадметаў, якія ён бачыць вакол, колеры... Адна з абавязковых умоў для сем'яў, у якіх дзеці вучацца па індывідуальным плане, на нашу думку, знаходжанне аднаго з бацькоў дома (цэлы дзень ці хаця б паўдня). Мне больш зручна, я з аднаго дэкрэтнага адпачынку пераходжу ў другі. Акрамя таго, я магу працаваць дома.

Каб дзіця расло здаровым

— Вы казалі, што Адэльцы эмацыйна цяжка было вучыцца ў школе. А цяпер нешта змянілася?

— Яна супакоілася. Нашмат спакайней абстаноўка дома і нашмат лягчэй займацца. Глядзіце: нават у пачатковай школе, без наведвання нейкай прадоўжанкі, дзеці павінны праводзіць 4-7 гадзін практычна седзячы ў памяшканні, ім нікуды не выйсці. Ім прыходзіцца займацца нават тады, калі гэтага не хочацца. Напрыклад, калі дзіця сябе дрэнна адчувае, у яго баліць галава, але няма тэмпературы і даведку ў паліклініцы не возьмеш. А дома дзіцяці не трэба рабіць над сабой ніякіх высілкаў. Яно можа спакойна адпачыць і ўзяцца за заняткі ў больш спрыяльны час. Акрамя таго, на дзіця не навальваюцца праблемы, якія не звязаныя з засваеннем урокаў. У пэўным узросце дзеці падобныя на зграю ваўчанят, яны вымушаны падладжвацца пад настаўніка, пад калектыў. Каб стаць любімчыкам у настаўніка, некаторыя спрабуюць падлізвацца. Яны хітруюць. Так, калі дзіцяці сёння паставілі адзнаку, яно выпрацоўвае сваю тактыку, кшталту "я магу два ўрокі быць спакойным, бо мяне не будуць выклікаць". А колькі розных праблем бывае звязана з асабістым стаўленнем настаўніка да дзяцей ці аднагодкаў. Дзеці змагаюцца за сваё месца, хтосьці стараецца быць кіраўніком у групе, а кагосьці прыгнятаюць.

— Напэўна, пры навучанні дома вам не трэба баяцца, што дзіця ў школе падхопіць грып ці яшчэ нейкі вірус?

— Мы прапісаны ў Мінску, а жывём на лецішчы ў Ракаве. Жыць у горадзе нам было цяжка, два маіх сыны — алергікі, але, калі мы перабраліся жыць на вёску, забыліся на гэту хваробу. Побач з лецішчам — возера, ручай, лес хваёвы...

— А ці прыходзіцца вам самім прымушаць дзяцей займацца?

Дзіця ў сярэдняй школе на хатнія заданні траціць 2-3 гадзіны, а ў нас столькі часу ідзе на ўсю адукацыю! Але мы самі выбіраем, колькі нам займацца. Напрыклад, сёння добрае надвор'е, мы сходзім пагуляем, а заўтра дожджык — і мы пазаймаемся ўвесь дзень. У нас няма тэлевізара, гэта знарок зроблена, мы вырашылі, што гэта марнаванне часу, калі дзіця цэлымі днямі не можа фізічна, як ад наркотыка, адарвацца ад дзіцячых каналаў, ці нават пазнавальных, як "дыскавэры", ці "энімал планет". І заняткі за камп'ютарам у нас нармаваныя.

— Але, напэўна, у бацькоў, якія вырашаюць, што іх дзеці павінны займацца па індывідуальным плане, усё ж павінна быць настаўніцкая адукацыя?

— Неабавязкова. Мая педагагічная адукацыя — гэта 12 гадоў маёй дачкі, у нас трое дзяцей, і кожнае дзіця непаўторнае, я бачу, што кожнаму дзіцяці я павінна па-іншаму ўсё выкладаць. Я чытаю літаратуру, штосьці шукаю сама, проста спрабую знайсці розныя падыходы. Так, дачка пайшла ў школу ў шэсць гадоў, а другое дзіця ў такім ўзросце было эмацыянальна негатовае да заняткаў, сын бы не змог столькі часу сядзець за партай. Акрамя таго, у шэсць ён не чытаў зусім, нават некаторыя літары не ведаў і не хацеў нічога паўтараць. Затое ў шэсць з паловай яму стала цікава, ён пачаў чытаць, спачатку патроху, па некалькі радочкаў з казак, а цяпер сын чытае на ўзроўні вучня, які заканчвае першы клас. З матэматыкай увогуле ён нас уразіў. Бо займаўся ёй не з мамай, а праз камп'ютарную праграму. Яму настолькі было цікава, што ён ужо пачаў вучыць табліцу множання. І гэта без усялякага прымусу.

Каб сачыць за выхаваннем

— Але ж дзіцяці патрэбны і зносіны з аднагодкамі...

— Гэта вельмі проста вырашаецца. Дзеці, што займаюцца дома, маюць больш часу на тое, каб наведваць розныя гурткі. У той час як многія звычайныя школьнікі вымушаны адмаўляцца ад гэтага, бо ім трэба пасля школы сядзець над хатнімі заданнямі. Мы можам наведваць факультатывы ў школах менавіта па тых прадметах, якія нам найбольш цікавыя і дзе займаюцца дзеці з такімі ж захапленнямі. А праблемы з сябрамі ў дачкі пачаліся таму, што яна пачала шмат чытаць, што равеснікі часам не разумеюць... Мы вернікі, ходзім у касцёл, там таксама ёсць магчымасць стасункаў. І навучанне па індывідуальным плане нам яшчэ падыходзіць і па рэлігійных пытаннях. У еўрапейскіх краінах бацькі-хрысціяне, выбіраюць такое навучанне таму, што не хочуць, каб дзецям на занятках тлумачылі, што аборты — гэта нармальна, а геі — такія ж добрыя дзядзькі, як і астатнія. Я думаю, што для многіх бацькоў у Беларусі праблемы з выхаваннем таксама становяцца актуальнымі. Сёння дзеці ў 10-11 гадоў могуць "залазіць" на нейкія сайты, блогі, сустракаюцца нават з парнаграфіяй. Ад усяго гэтага мы б па сваіх рэлігійных перакананнях хацелі б дзіця абараніць і не хацелі б, каб у школе нашым дзецям гаварылі пра аборты ці засцярогу ад цяжарнасці.

Паглядзіце, як апранаюцца дзяўчынкі-старшакласніцы: быццам ідуць на "панэль". Мы ў нашай сям'і не прызнаём сучасную ўседазволенасць. Праз пэўны час мы памянялі дачцэ гардэроб (бо гэта занадта аблягала, тое — занадта міні). Цяпер яна апранаецца элегантна. Зноў жа, у школе дзеці знаходзяцца пад уплывам калектыву, часам пасля заняткаў дзяўчаты могуць пайсці ў кавярню, дзесьці сноўдаць увесь дзень і прыходзіць так позна, што і няма часу ні на якія кніжкі. Лічу, бацькі павінны займацца выхаваннем сваіх дзяцей.

Няхай альтэрнатыва будзе

Хлопчыкаў і дзяўчынак, якія спасцігаюць усе навукі, не выходзячы за сцены ўласнага дома, сёння ў Беларусі ўжо некалькі дзясяткаў. А магло б быць і больш, проста многія бацькі не ведаюць, што існуе такая практыка навучання без школы.

А яна, між іншым, на дадзены момант дазволеная дзяржавай.Так, Марына сказала, што адзіная ўмова — заяву пры пераходзе на навучанне па індывідуальным плане трэба падаваць летам (пасярод навучальнага года яе не прымуць). Калі ж дзіця ўжо вучыцца па індывідуальным плане, прымусіць яго хадзіць у школу могуць, калі ў яго хаця б па адным прадмеце ёсць адзнака "0".

Але, як правіла, бацькі, якія выбіраюць такое навучанне, сапраўды клапоцяцца пра сваіх дзетак і хочуць даць ім як мага больш. Бо некаторыя заўважаюць, што акрамя таго дзясятка школьных прадметаў, у жыцці яшчэ столькі цікавага, што малыя маглі б вывучаць і чым маглі б з задавальненнем займацца. Пра гэта яны актыўна гавораць на форумах, аб'ядноўваюцца ў асобныя групы, дзеляцца вопытам.

Але некаторыя бацькі сутыкаюцца з непаразуменнем чыноўнікаў, не абыходзіцца без пагроз аб тым, што сем'і, у якіх дзеці не наведваюць школу, будуць "ставіць на ўлік", даходзіць і да намёкаў на пазбаўленне бацькоўскіх правоў. У апошні час бацькі дзяцей-надомнікаў пачалі біць трывогу. Яны баяцца, што з прыняццем Кодэкса аб адукацыі самім сачыць за адукацыяй дзяцей будзе немагчыма. У кодэксе аб адукацыі будуць прапісаны падставы, на якіх дзеці могуць навучацца па індывідуальным плане: 1) дзеці, якія па стане здароўя не могуць наведваць школу; 2) адораныя дзеці. Бацькі баяцца, што магчымасці для навучання дома будуць абмежаваныя. У Мінску прыхільнікі навучання па індывідуальнай праграме нават абмяркоўвалі гэтае пытанне на "круглым стале".

Там жа была выказана думка пра тое, што колькасць бацькоў, якім такая форма навучання становіцца сімпатычнай, паступова павялічваецца. Ужо зараз заўважана, што многія мамы і таты не спяшаюцца з яслямі альбо наогул не аддаюць сваіх дзетак у дзіцячыя садкі. Не спяшаюцца яны і выпраўляць дзяцей у школы ў шасцігадовым узросце, "цягнуць" да сямі, а бывае, і да васьмі гадоў. І ў асяродку гэтых бацькоў ёсць прыхільнікі хатняга навучання.

Я не прыхільніца хатняга навучання. Але я не магу не пагадзіцца з заўвагамі, якія выказваюць бацькі — праціўнікі вучобы ў школе. І вельмі многае ў іх думках мне падаецца сімпатычным.

Я таксама хачу, каб мае дзеці вучыліся з задавальненнем і без прымусу, і каб яны маглі выбіраць прадметы, якія ім больш цікавыя.

Акрамя таго, я думаю, што сучасныя бацькі здольныя даваць добрыя веды дзецям хаця б у межах той жа пачатковай школы.

Зараз дзеці, калі падаюцца дакументы на залічэнне ў першы клас, павінны праходзіць гутарку з псіхолагам. Падчас гутаркі высветлілася, што з усіх дзяцей, якія ішлі ў першы клас у абранай намі школе, чытаць не ўмеў толькі адзін. Астатнія і чыталі, і ўмелі лічыць. Як бачыце, ужо зараз многія дзеці вучацца чытаць зусім не ў школе. А яшчэ і лічыць, а яшчэ і размаўляць па-англійску. Прычым з задавальненнем. Вясной я была на адкрытых занятках у школе ранняга развіцця "Знайка", якую дашкольнікі наведваюць раз на тыдзень. Дзеткі, якім толькі па 5-6 гадоў, на англійскай мове па карцінках сказамі расказвалі пра сваю кватэру, дзе які пакой, якая там стаіць мэбля, якога яна колеру і гэтак далей.

Часам малыя дашкольнікі ўражваюць мяне. "Бабуля, калі ты мне не пачытаеш энцыклапедыю, я табе не раскажу пра вывяржэнне вулкана і пра тое, як з'явілася планета Зямля", — гэта заявіў мой сын у чатыры гады. А ў пяць ён разам з аднагрупнікамі захапіўся краінамі свету (дзеці пачалі цягаць у садок свае энцыклапедыі) і распавядаў пра старажытныя цывілізацыі...

Да чаго я гэта? А да таго, што, сапраўды, сучасныя бацькі здольныя шмат якія веды даць дзецям. І да таго, што сучасныя дзеці не такія ўжо і дурныя, і яны не тое што не менш, а нават больш цікаўныя за нас у іх узросце. І што прага ў іх ёсць да ведаў. І здавалася, калі яны столькі ўсяго ведаюць ужо ў "садковым" узросце, то колькі ж будуць ведаць у школьным... Але ці застануцца яны такімі ж цікаўнымі, калі прыйдуць у школу? Асабіста я ў гэтым не ўпэўненая.

Гляджу на школьны расклад першакласнікаў: чытанне, матэматыка, пісьмо, чалавек і свет, выяўленчае мастацтва... і ўсё. Дзіцячыя энцыклапедыі могуць "адпачываць".

Еду ў транспарце і чую, як дзве матулі дзеляцца праблемамі: "...Вось і мая не хоча садзіцца за гэтыя пропісы. Ім у першым класе і адзнак не ставяць, але яна бачыць, як настаўніца іншых хваліць за акуратныя сшыткі, а яе не, і малая крыўдуе". А можа, сапраўды, у тым ліку і з гэтых маленькіх персанальных "крыўдаў" пачынаецца згасанне цікавасці да навучання?

Алена Дзядзюля, Звязда

Уваход для карыстальнікаў